23 авг. 2017 г.

Фестываль Гродна-оўпэн, вынiкi

 Аўтар Наталля Стрыжнёва



Горад, у якім захацелася затрымацца

Вось ужо другі год запар мы з сынам прыехалі на міжнародны шахматны турнір “Гродна-опэн”, які доўжыўся на гэты раз з 10 па 19 жніўня, але дадому  разам з сям’ёй Барысчыкаў вярнуліся толькі позна вечарам у нядзелю.Сапраўды, і шахматны фестываль, і горад Гродна выклікалі такія станоўчыя эмоцыі, што ніяк не хацелася ад’язджаць.
Як і ў мінулым годзе Гродна сустракаў нас даждом. Мы палічылі гэта добрай прыкметай (як на вяселлі, пойдзе дождж- будзеш багатым), так яно і было, забягаючы наперад, у прызы нашы дзеці патрапілі. На таксі (яно тут каштуе танна,але і гарадскі транспарт ходзіць часта) мы дабраліся да загадзя знятай кватэры. Дарэчы, кватэры ў горадзе на любы густ, калі што і арганізатары турніру дапамогуць удала размясціцца.

Сам турнір праводзяць у знакамітым Каложскім парку ў прасторным будынку Палаца дзяцей і моладзі. Грамадскі транспарт туды не ходзіць, таму добрую частку шляху трэба ісці пешшу. Але гэта толькі на карысць, бо ёсць выдатная магчымасць няспешна палюбавацца самабытнасцю і маляўнічасцю гэтага старажытнага горада над Нёманам, зрабіць разнастайныя фотаздымкі на памяць. Гродна ўразіць Вас сваёй дзівоснай архітэктурай, незвычайна гарыстай мясцовасцю,мноствам яркіх кветак на ажурных балкончыках старадаўніх будынкаў, на клумбах, у парках і скверах, зацікавіць і кветкавым гадзіннікам. Вы можаце зрабіць шпацыр па брукаванай вуліцы Савецкай, дзе шмат усялякіх крамаў, рэстаранчыкаў, кавярняў; можаце наведаць цэрквы, касцёлы, музеі, Стары і Новы замкі, заапарк; можаце проста палюбавацца Нёманам ці прайсціся па Каложскаму парку.Адным словам, у Гродне таксама ёсць куды патраціць вольны час і грошы.
Пэўна, хтосьці заўважыць, што 10 дзён для “Гродна-опэн” зашмат, але паверце, арганізатары турніру загадзя прадумалі ўсё да дробязей, пачынаючы з урачыстага адкрыцця і аж да заканчэння. Час праляцеў хутка, я не бачыла, каб хтосьці сумаваў. Два туры на дзень рабіць не трэба.

У параўнанні з мінулым годам “Гродна-опэн”-2017 стаў больш “дзіцячым”. Сёлета было аж тры турніры для дзяцей: Е-да 8 гадоў, D-да 10 гадоў і С- да 12 гадоў. Такое размеркаванне прыцягнула ўдвая больш удзельнікаў.
Некаторыя шахматысты, якія па ўзросце маглі б змагацца ў  дзіцячых турнірах, запісаліся ў “дарослы”. На тое была прычына: Міша Спіжарны, Яраслаў Навумовіч, Міхей Навуменка, Ліза Андруховіч, Мацвей Папунідзі – усе яны збіраюцца ўжо ў верасні прадставіць нашу краіну на Чэмпіянаце Еўропы, таму варта было трэніравацца з больш моцнымі сапернікамі. Неяк незнарок пачула размову двух дарослых удзельнікаў,што яны нават пабойваюцца сустракацца за шахматнай партыяй з гэтымі дзецьмі, бо ехалі на фестываль па большай частцы адпачыць, асабліва не рыхтаваліся,у адрозненні ад нашых юных і таленавітых шахматыстаў, якія ўлетку, вольныя ад вучобы,толькі шахматамі і жывуць. Сапраўды, вельмі прыстойна трымалася юнае пакаленне ў турніры В. Міша Спіжарны і Яраслаў Навумовіч, заняўшы 10 і 7 месцы адпаведна, нават атрымалі прызы. Застаецца толькі пажадаць усім ім яскравых перамог на Чэмпіянаце ў Румыніі!

Акрамя спаборніцтваў па класіцы адбыліся яшчэ бліц-турнір і рапід.Удзельнікі таксама мелі магчымасць падзяліцца на вышэйназваныя катэгорыі. На хуткія шахматы завіталі госці з Мінска (Мітрафан Патаповіч, Міша Капылец) і з Брэста (Дзіма Макарэвіч, Цімур Кісляк),якія ўнеслі свае карэктывы ў размеркаванне месцаў на п’едэстале ў турніры Е. Упэўнена сябе адчувала ў тэмпа-турніры D Ліза Андруховіч, ёй,як і Мішу Спіжарнаму, захацелася пагуляць з дзецьмі свайго ўзросту. Дарэчы, Міша выйграў 9 з 9 , апярэдзіўшы другое месца на 2,5 ачкі.

Адпрацаваўшы як след зранку класіку, а надвячоркамі бліц і рапід, у панядзелак мы з дзецьмі некалькі гадзін бавілі ў мясцовым заапарку. На аўторак арганізатары шахматнага фестывалю запланавалі экскурсію па Аўгустоўскаму каналу. Мерапрыемства зацікавіла многіх, людзей было поўны аўтобус. Экскурсавод цікава распавядаў аб усім: пра старажытны Гродна,пра гродненцаў у гады вайны, пра цікавыя назвы мікрараёнаў і вуліц (Фолюш, Дзевятоўка, Дамброўка, Белыя Росы),пра сучасныя прамысловыя аб’екты і планы на будучыню гэтых мясцін. Акрамя Аўгустоўскага канала мы зрабілі яшчэ 2 прыпынкі: ля брацкай магілы і ля палаца Валовічаў у Свяцку.

Не менш цікавае мерапрыемства ад арганізатараў чакала нас вечарам наступнага дня ў Доме рамесніцтва “Спадчына”. Кожны ўдзельнік забраў на памяць зроблены сваімі рукамі на майстар-класе падарунак (саламяны абручык, ці сплеценую з аеру падставачку пад кубак, ці бранзалецік з бісеру, ці скураны амулецік з завушніцамі). Дзеці і дарослыя апраналіся ў рыцарскія даспехі, стралялі з лука, кідалі кап’ё, вучыліся танчыць пад старадаўнія мелодыі, удзельнічалі ў рыцарскіх бойках. Нас частавалі начыненымі блінамі, медавухай, а якія прыгожыя былі пірагі з надпісам “Гродна-опэн”! Смаката дый годзе…

У чацвер можна было пасля тура зрабіць экскурсію па слаўным горадзе Гродна,аб якой таксама паклапаціліся арганізатары. Хто з дзяцей раніцай не нагуляўся ў шахматы, той пайшоў на сеанс з Чэмпіёнам свету сярод інвалідаў. Мы ж адправіліся ў Новы замак, дзе ў круглай зале, багата аздобленай старадаўняй мэбляй і княжацкімі партрэтамі, змагаліся ў “кругавіку” сапраўдныя Майстры шахматных дошак. У прасторных залах Новага замка зараз музей, які мы заадно і наведалі.

Пятніца адзначылася карыснай і цікавай лекцыяй па эндшпілю, якую праводзіў міжнародны майстар Дзмітрый Навіцкі.
Нарэшце субота, апошні дзень спаборніцтваў і да апошняга працягвалася барацьба ва ўсіх турнірах. У групе Е доўгі час на першым радку было імя Маргарыты Бендзік, але спадарыня Фартуна ў 9 туры ўспомніла пра Дзіму Андрэева і пераможцам стаў ён, апярэдзіўшы Маргарыту толькі на 0,5 па дадатковым паказчыку. Асабістая іх сустрэча  -  ½- ½.

Турнір D скончыўся для мяне зусім нечакана – 2-м месцам майго сына. Пасля таго, як Ваня стаў пераможцам у бліцы і рапідзе, я пажартавала, што не хапае толькі “срэбра”. Аднак нічыя з Ксюшай Норман і пройгрыш Лазоўскаму Марціну ў восьмым туры ўвогуле пакінулі перспектыву марыць толькі аб 3-4 месцы. У апошнім туры адбыўся проста неверагодны сцэнарый: у партыі Стамброўская- Лазоўскі спачатку прапанавала нічыю Марыя, але Марцін, ведаючы, што яму гэта зусім не трэба, захацеў працягваць гульню. Уздыхнуўшы, Стамброўская знайшла такі ход ладдзёй, што ўжо Лазоўскі сам зрабіў адпаведную прапанову – ½- ½. Цяпер Стрыжнёву засталося толькі выйграць , і ўжо ніякі “Бухгольц” не перашкодзіць стаць трэцім. За дзецьмі было добра назіраць зверху, балазе, наш турнір быў у люстэркавай зале на другім паверсе. Пакінуўшы змагацца другі стол (Русіновіч – Норман) і будучы ўпэўненымі, што пераможа больш вопытная, мы пайшлі на абед. Якім жа было наша здзіўленне, што Норман…прайграла. Не скажу, што я чалавек забабонны, прымхлівы (“суеверный” – рус.), але яшчэ перад пачаткам дзявятага тура Ксенія з Марцінам аб нечым жартавалі і дзяўчынка выказала меркаванне, што не можа быць, каб яна прайграла трэцяму разраду. Тут раптам іншыя дзеці заўважылі, што Ксенія села не на свой рад і нават бланк ужо запоўніла. Мілыя дзеткі! Трэба паважаць любога саперніка, які б разрад у яго ні быў, у якога б трэнера ён ні займаўся. А перад партыяй трэба настройвацца на гульню.

Зусім мала я ўзгадваю пра турнір С, ён праходзіў у асобным кабінеце, там правілі баль расіяне, толькі мінчанін Арцём Шчэрба змог утрымацца на 2-м месцы.

Агульнае ўражанне склалася такое, што гаспадары турніра ў параўнанні з мінулым годам сталі гуляць мацней (я зараз пра дзяцей, бо дарослыя гродненцы і раней добра выглядалі), на турніры было з кім паспаборнічаць.
На жаль, у маім артыкуле Вы не ўбачыце ніводнага разбору шахматных партый, бо гэтай выдатнай гульнёй я валодаю толькі на ўзроўні аматара. Магчыма, у наступны раз я папрашу сына дапамагчы і мы дапоўнім свой аповед аналізам найбольш цікавых дзіцячых партый.

Вось тройкі прызёраў

В
С
D
E
бліц
1.Іваннікаў М. (Гомель)
2.Краміч А. (Магілёў)
3.Малюш А. (Гродна)
1.Спіжарны М. (Орша)
2.Шошын К. (Чарапавец,РФ)
3.Карась А. (Гродна)
1.Стрыжнёў І. (Мінск)
2.АндруховічЛ.
(Светлагорск)
3.Лазоўскі М. (Гродна)
1.Андрэеў Дз. (Мінск)
2.Макарэвіч Дз. (Брэст)
3.Кісляк Ц. (Брэст)
рапід
1.Альховік  А. (Гродна)
2.Навіцкі Дз. (Мінск)
3.Ільючык Я. (Кобрын)
1.Спіжарны М. (Орша)
2.Тарасенка А. (Брэст)
3.Карась А. (Гродна)
1.Норман К. (Гродна)
2.Андруховіч Л.
(Светлагорск)
3.Стрыжнёў І.(Мінск)
1.Макарэвіч Дз. (Брэст)
2.Кісляк Ц. (Брэст)
3.Патаповіч М. (Мінск)
класіка
1.Краміч А. (Магілёў)
2.Жук С. (Гродна)
3.Малюш А. (Гродна)
1.Шошын К. (Чарапавец,РФ)
2.Шчэрба А. (Мінск)
3.Шахалаў А. (Волагда,РФ)
1.Барысчык С. (Мінск)
2.Стрыжнёў І. (Мінск)
3.Русіновіч М. (Гродна)
1.Андрэеў Дз. (Мінск)
2.Бендзік М. (Магілёў)
3.Харкевіч К. (Орша)

Акрамя асабістых быў яшчэ і камандны залік.На першым месцы “Тарпеда”- Мінск (Койшман Я.,Барысчык С.,Андрэеў Дз.,Койшман К.),на другім каманда з Магілёва (Краміч А.,Саксонаў Л.,Галоўчыц К.,Бендзік М.),на трэцім расіяне (Гогалеў А.,Панікароўскі А.,Цімакова М.,Шошын К.)

Асобным абзацам хачу сказаць пра ўзнагароджванне. Нездарма вышэй я змясціла таблічку, відавочна, што кубкі, медалі, дыпломы,грашовыя прызы атрымалі многія шахматысты, а калі дадаць сюды яшчэ 4 і 5 прызавыя месцы ў дзіцячых турнірах, прызы для лепшых гродненскіх шахматыстаў, для дзяўчынак, спецпрызы ў турніры В, шахматныя блакноты кожнаму ўдзельніку турніраў Е і D, то складваецца ўражанне, што ўзнагародзілі кожнага. Прызоў было так шмат, што не дзіва было назіраць, як крыху заблытаўся галоўны суддзя падчас узнагароджвання турніра Е,балазе, на дапамогу хутка прыйшоў старшыня ГФШ.

Напрыканцы хочацца выказаць шчырыя словы падзякі Адміністрацыі г. Гродна і ўсім арганізатарам шахматнага фестывалю “Гродна-опэн”-2017: Старшыні АА “ГФШ”- Малюшу А.М.,Галоўнаму суддзі- Жукаву М.В., Галоўнаму сакратару – Расіхіну І.С., Дабкене Т.М., Трус І.Ю. і ўсёй зладжанай гродненскай камандзе, якая добрасумленна рабіла сваю справу, каб усе ўдзельнікі і госці пачувалі сябе ўтульна і засталіся задаволенымі, а ў наступным годзе зноў завіталі ў гасцінны горад Гродна на традыцыйнае шахматнае свята.

                                                                                     
Наталля Стрыжнёва